Декабрь, 20, 2008 (20:32)
current location:
Менск
внутри:: amused
музыка:: Diana Krall - I've Got You Under My Skin
Першы кантакт з беларускім аўтасэрвісам адбыўся ў нас з жонкаю ў такі дзень, калі добры гаспадар і непатрэбнае кола з гаражу ня выкаціць. Увесь Менск нагадваў вялікае лядовішча, а мы з раніцы паперліся мяняць расходнікі. Дзякуй Богу, даслізгаліся. Дамова была на дзевятую, але нешта мяне падштурхнула загадзя перасунуць час на дзевятую трыццаць каб ня быць першымі. І добра, тамушта мы і так аказаліся першымі, ды яшчэ са спазненнем - механікі з'явіліся толькі каля дзесятай.
Шчыра кажучы, раней я даволі рэдка карыстаўся паслугамі аўтасэрвісу - машынкі, на якіх я ездзіў, былі старымі і рамантаваліся толькі калі ўжо самому было ну ніяк. Але тут справа іншая - наш новы мікрабусік нашпігаваны ўсялякімі электроннымі прыладамі па самае некуды, і без аўтасэрвісу наўрад ці абыдзешся. Так я думаў, пакуль прабіраўся на вуліцу Дзвінскую праз неймаверную слізгавіцу, што запанавала днямі на менскіх вуліцах.
Але калі я пабачыў, што цалкам буйны аўтасервіс не спадобіўся ў такое надвор'е прынамсі пясочкам пасыпаць пакрыты лядоваю коркаю даволі стромы ўезд на тэрыторыю, у галаве празвінеў першы званочак. Другі празвінеў тады, калі з мяне на старце злупілі амаль удвая больш грошай за замену аднаго з дэталёў, спаслаўшыся на тое, што "рамонт будзе складаны".
Далей было весялей - аўтамеханік, які мяняў паветраны фільтр, даволі доўга намагаўся ўпіхнуць яго адваротным бокам. Калі ён урэшце скеміў, што задам у паветразаборнік фільтр ну ніяк ня лезе - праца ў яго ўрэшце пайшла на лад. Мая жонка, якая стаяла побач, сказала мне - даражэнькі, наступным разам за сем тысячаў беларускіх рублёў я зраблю гэта сама. І мела рацыю.
Тут прыйшоў калега першага аўтамеханіка і пачаў мяняць паліўны фільтр. Трэба адзначыць, што тут ўсё было зроблена як трэба - саляркаю са шпрыца фільтр быў дапоўна запраўлены, і толькі пасля ўсталяваны. Але калі ўжо фільтр стаяў на месцы і шлангі былі падлучаныя, гэты аўтамеханік... запаліў. І ня проста запаліў, а схіліўся над мокрым ад саляркі фільтрам, каб лепей бачыць, ці месцы злучэнняў не цякуць. Гарачы попел з цыгарэты пры гэтым сыпаўся наўпрост на гэты самы фільтр. Мы з жонкаю толькі пераглядваліся, бо мову ў нас адняло.
Карацей, пачынаю з заўтрашняга дня шукаць фірмовыя інструкцыі Рэно па рамонце нашай машынкі, каб больш ня бачыць гэтага незабыўнага і экстрымнага аўтасэрвісу. Можа ня ўсё, але прынамсі большую палову маю намер навучыцца рабіць сам. Бо ў галаве яшчэ стаіць прачытаная недзе на аўтафоруме фраза - размер развода кліента на автосервісе огранічен только фантазіей автомеханіка. Залатыя словы!